ТРАПІ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́,

прыродныя геагр. паясы Паўн. і Паўд. паўшар’яў, размешчаныя паміж субтрапічнымі паясамі і субэкватарыяльнымі паясамі, паміж 20° і 30° паўн. ш. і паўд. ш. Гарачы і сухі трапічны клімат вызначаюць антыцыкланальная цыркуляцыя атмасферы і пасаты. Т-ра зімой вышэй за 10 °C, летам вышэй за 30—35 °C. У Т.п. назіраюцца самыя высокія на зямным шары т-ры паветра (гл. Полюсы цяпла). Ападкаў 50—200 мм, на У пераважае вільготнае акіянскае паветра (мусонная цыркуляцыя) — ападкаў да 1000—2000 мм і больш за год. На сушы ландшафты пустынь і паўпустынь, якія займаюць вял. тэрыторыі ў цэнтр. і зах. ч. мацерыкоў (асабліва ў Афрыцы і Азіі). Значная ч. прасторы не мае паверхневага сцёку. Рэкі транзітныя, многія перасыхаюць. Глебавае покрыва мяняецца з 3 на У ад шкілетных або шэра-жоўтых глеб трапічных пустынь праз шэра-карычневыя глебы паўпустынь і чырвона-карычневыя глебы рэдкалессяў да чырв. латэрытных глеб пераменна-вільготных лясоў. Усх. ўскраіны мацерыкоў (Паўд. і Усх. Азія, Цэнтр. Амерыка) маюць больш высокую вільготнасць, паўнаводныя рэкі, мяшаныя лістападна-вечназялёныя лясы, мусонныя лістападныя лясы, рэдкалессі або саванны і хмызнякі, часта моцна змененыя ў выніку высечак і выпальвання. У горных раёнах выражаны леса-лугавы (на У), рэдкалесна-стэпавы і пустынна-стэпавы (у цэнтр. ч. і на 3) спектры вышыннай пояснасці. Жывёльны свет прадстаўлены капытнымі (антылопы, вярблюды і інш.), некат. драпежнымі (гіены, лісы і інш.), птушкамі, грызунамі і інш. Акіян у Т.п. адрозніваецца высокімі т-рамі паверхневых вод, значным іх выпарэннем, высокай салёнасцю (37%0) шчыльнасцю і недахопам кіслароду. У зах. і цэнтр. ч. мацерыкоў развіта пашавая жывёлагадоўля, арашальнае земляробства, ва ўсх. ч. — арашальнае і багарнае земляробства, плантацыйная гаспадарка (рыс, батат, цытрусавыя, фінікі, ананасы, бананы і інш.).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 15, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)